Пачытаем разам з дзецьмі
На полі вясною
Люблю я прыволле
Шырокіх палёў,
Зялёнае мора
Ржаных каласоў.
I вузкія стужкі
Сялянскіх палос —
Люблю цябе, поле,
Люблю я твой плёс.
Ігрушы старыя,
Што ў жыце шумяць,
Зялёныя межы,
Далёкую гладзь.
Люблю я дарогі,
Што леглі між гор,
Ўнізе пад гарою
Ручча разгавор.
Люблю я узгоркі,
I насып-курган,
I сіняй далечы
Празрысты туман…
Люблю пазіраць я
На поле вясной,
Як ветрык жартліва
Плыве збажыной.
Калышацца жыта,
Радамі бяжыць,
А хваля паветра
Дрыжыць і дрыжыць…
Люблю я прыволле
Шырокіх палёў,
Зялёнае мора
Буйных каласоў.